У Гродзенскім дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў абласнога этапу ХІХ рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон”, які сёлета пабіў усе рэкорды па колькасці ўдзельнікаў. На суд журы былі прадстаўлены 664 работы, што на 93 больш, чым летась.

Пераможцамі тэхнічнага рашэння ў сферы гейміфікацыі ў энергазберажэнні ў паднамінацыі “Настольная гульня” прызнаны праект “ЭнергаГродзеншчына: шлях да ЭКА-будучыні” сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча, які падрыхтаваў дзевяцікласнік Віталій Місцюкевіч пад кіраўніцтвам педагогаў Кацярыны Латушка і Маі Якаўчык. Гульня створана для распаўсюджвання актуальнай інфармацыі і ідэяў энергазберажэння сярод дзяцей і падлеткаў да 13 гадоў.
У час ушанавання нашы землякі атрымалі дыплом абласных пераможцаў, а настаўніцы адзначаны Ганаровымі граматамі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама.

– Настрой цудоўны, – падзяліліся ўражаннямі дзятлаўчане. – У час цырымоніі нам былі прадстаўлены выстава работ, відэаролікі ўдзельнікаў конкурсу і канцэртная праграма. Першае месца і праекты іншых канкурсантаў натхнілі на новыя ідэі, якія збіраемся ўвасобіць у якасці праекта для “Энергамарафона” на будучы год. Пакуль жа рыхтуемся да рэспубліканскага этапу, які пройдзе напрыканцы сакавіка, дзе мы прадставім Гродзеншчыну.
Наша школа актыўна развівае рух за энергазберажэнне. Важную ролю ў гэтым працэсе іграе ўдзел у адукацыйных ініцыятывах і творчых конкурсах, адным з ключавых сярод іх з’яўляецца “Энергамарафон”. У 2024 годзе ў нас ужо была абласная перамога ў намінацыі “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстановах адукацыі”. Тады кіраўнікамі праекта з’яўляліся Марыя Шавель і Кацярына Латушка. На рэспубліканскім этапе работа была адзначана спецыяльным прызам журы і грашовым сертыфікатам на выдзяленне сродкаў з рэспубліканскага бюджэту для фінансавання мерапрыемстваў у рамках Дзяржаўнай праграмы “Энергазберажэнне”. Сума падтрымкі склала 60 тысяч рублёў.

Сёлетні праект цікавы тым, што спрыяе фарміраванню якасцяў адказных грамадзян, якія разумеюць каштоўнасць рэсурсаў і гатовыя ўносіць свой уклад ва ўстойлівае развіццё грамадства.
Аснову гульнявога поля “ЭнергаГродзеншчына: шлях да ЭКА-будучыні” складае карта Прынёмання з раённымі і абласным цэнтрамі. У час яе праектавання была праведзена даследчая работа па картаграфаванні аб’ектаў аднаўляемай і традыцыйнай энергетыкі, а таксама біягазавых установак і электразарадных станцый. Атрыманыя даныя сістэматызаваны і адлюстраваны на полі ў выглядзе адпаведнай сімволікі. Карта з кальцавым маршрутам, таму стартавая клетка можа быць выбрана гульцом самастойна. Акрамя ўмоўных абазначэнняў, ёсць QR-коды, яны дазваляюць інтэграваць лічбавыя тэхналогіі ў адукацыйную прастору гульні. Яе мэта – стаць самым эфектыўным “ЭКА-чэмпіёнам” Гродзеншчыны, назапасіўшы найбольш энергабалаў за рацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў і рэалізацыю праектаў энергазберажэння. У камплект, акрамя гульнявога поля, шасці фішак-аўтамабіляў і шасціграннага кубіка, уваходзяць карткі і жэтоны “энергабалы” для падліку ачкоў, а для вядучага – лісты з правільнымі адказамі. У час гульні вучэбны матэрыял інтэгруецца ў жыццёвы вопыт: праз практычныя заданні і мадэлі адказных паводзінаў дзеці вучацца рабіць сваё рэальнае жыццё больш эфектыўным і камфортным.
Источник:https://diatlovonews.by/trecyaya-shkola-zno-u-lidarah-energamarafona/