У рамках раённай тэматычнай пяцідзёнкі “Драйв сяброўства: БРПА+БРСМ на Дзятлаўшчыне”, прымеркаванай да Дня піянерскага сяброўства, на базе сярэдняй школы № 3 горада Дзятдава імя І. Ю. Філідовіча адбылася ўрачыстая лінейка па прыёме навучэнцаў у акцябраты і піянеры.
Сустрэчу адкрыла старшыня раённага савета ГА “БРПА” Ірына Мішчанка. Яна павітала прысутных і падкрэсліла важнасць захавання традыцый піянерскага руху.

Мерапрыемства пачалося з выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, што надало падзеі ўрачысты і патрыятычны настрой.

У гэты адметны дзень піянерская дружына імя Яна Фогеля папоўнілася 43 акцябратамі і 120 піянерамі. Пасля ўрачыстых абяцанняў, у час якіх навучэнцы далі клятву вернасці ідэалам піянерыі, адміністрацыя школы, піянеры-лідары, дэпутаты і члены вучнёўскай палаты пры раённым Савеце дэпутатаў з гонарам уручылі навабранцам арганізацыі акцябрацкія значкі і павязалі піянерскія гальштукі – сімвалы далучэння да дружнай піянерскай сям’і раёна.

Са словамі віншаванняў да новых членаў дружыны звярнуўся дырэктар школы Іван Кібінь. Ён адзначыў, што ўступленне ў піянерскую арганізацыю – гэта не толькі пашана, але і вялікая адказнасць.

Асаблівым момантам стала ўзнагароджанне. За плённую работу па развіцці Дзятлаўскай раённай піянерскай арганізацыі падзячным лістом раённага савета ГА “БРПА” адзначана намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Марыя Шавель.


Уладзіслава УРБАН,
карэспандэнт медыяцэнтра “КУБ” Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі